Асноўная частка праекта “Віцебскі алфавіт” завяршылася
Завяршылася асноўная частка праекта “Віцебскі алфавіт”. Па закліку арганізатараў увосень 2015 г. жыхары горада даслалі амаль 250 віцебскіх феноменаў у парадку па літарах беларускага алфавіта. Прапановы мелі вельмі розны характар, часам на мяжы фарса. Найбольш вартыя з іх адабрала спецыяльна сабранае журы.
Ацэнкі адмыслоўцаў не былі аднолькавымі, але часта супадалі з найбольш папулярнымі сярод жыхароў адметнасцямі. Гэта Альгерд, Васіль Быкаў, Віцьба, Дзвіна, Віцебскія замкі, IFMC, тэатр «Лялька», Юдэль Пэн, Ратуша, трамвай, УНОВІС, Марк Шагал і шэраг іншых.
Задачай «Віцебскага алфавіта» было вылучыць самыя моцныя віцебскія вобразы. Структура беларускай абэцэды зрабіла кожную адметнасць выразнай і заўважнай, самай-самай, хаця і ўнесла шэраг праблем.
Як арганізатары спраўляліся з літарамі Й, Ы, альбо, чаму славуты віцебскі фатограф Сігізмунд Юркоўскі апынуўся пад літарай О — чытайце ва Ўводзінах да электроннага каталога “Віцебскі алфавіт”.
Поўная pdf-версія зборніка даступна бясплатна па гэтай спасылцы.
Таксама яго можна пагартаць ніжэй, не сыходзячы са старонкі
Арганізатары збіралі адметнасці не “са столі”, а пачуўшы рэальныя прапановы жыхароў горада, іх ацэньвалі кампетэнтныя сябры журы. Артыкулы паводле адабраных феноменаў пісалі прафесійныя аўтары. Гэта віцебскія гісторыкі Людміла Хмяльніцкая, Максім Каралёў і Мікалай Півавар; музейныя спецыялісты Вольга Давідоўская, Настасся Трафімчык і Дзяніс Якаўлеў; краязнаўцы Віктар Барысенкаў, Станіслаў Валуй, Раман Воранаў і Уладзімір Булаўскі; мастацтвазнаўца Міхась Цыбульскі; архівіст Канстанцін Карпекін.
Электронны каталог звярстаны дызайнерам Ігарам Юхневічам. Фатограф Аляксандра Гарлачова-Русалоўская зрабіла фотаздымкі адмыслова для гэтага праекта. Атрымаўся па-сапраўднаму прафесійны твор, якому варта надаць увагі.
Прэзентацыя “Віцебскага алфавіта” пройдзе ў чацвер 3 снежня ў зале Арт-прасторы “Талстога 7” (г. Віцебск, вул. Талстога 7). Пачатак а 17-й гадзіне.