Галоўны корпус былога Базылянскага кляштара ў Віцебску перададуць гімназіі №1

Галоўны корпус былога Базылянскага кляштара ў Віцебску, у якім да нядаўніх часоў размяшчаўся станка-інструментальны каледж, перададуць гімназіі №1.
Будынак галоўнага корпуса былога Базылянскага кляштара ў Віцебску, 2011 год. Фота Сержука Серабро

Упраўленне капітальнага будаўніцтва аб’явіла тэндар па выбару генеральнага падрадчыка для распрацоўкі перадпраектнай дакументацыі рэканструкцыі гэтага будынка пад гімназію. Плануецца, што ёй змогуць займацца 16 класаў (па 4 класы на паралель), а ўсяго — 480 вучняў 2, 3, 4 і 5 класаў.

У новым будынку павінны быць не менш за 16 класных кабінетаў, 6 ці 8 кабінетаў англійскай мовы, два кабінеты працы — для дзяўчат і хлопцаў, бібліятэка з чытальнай залай, сталоўка не менш як на 120 чалавек, спартыўная зала з жаночай і мужчынскай распраналкай, актавая зала, настаўніцкая, гардэроб, прыбіральні для вучняў і настаўнікаў, а таксама шэраг іншых кабінетаў і службовых памяшканняў.

Праекціроўшчык павінны правесці агульнае абследаванне будынка, затым правесці выбарачнае дэтальнае абследаванне асобных канструкцый і падрыхтаваць заключэнне. Пасля гэта трэба падрыхтаваць перадпраектную дакументацыю, дастатковую для прыняцця рашэння пра інвеставанне праекта і забяспечыць экалагічную экспертызу. Трэба заўважыць, што ў лютым 2014 года санэпідэмстанцыя выдала адмоўнае заключэнне Віцебскаму дзяржаўнаму станка-інструментальнаму каледжу, які хацеў атрымаць ліцэнзію на працяг адукацыйнай дзейнасці ў гэтым памяшканні.

Трохпавярховы будынак галоўнага корпуса былога Базылянскага кляштара мае статус гісторыка-культурнай каштоўнасці, ён быў пабудаваны ў 1743 годзе. Па-сутнасці, гэта самы стары будынак у Віцебску, які захаваўся. Зараз яго агульная плошча складае 3847 квадратных метраў.

Рэканструкцыя гэтага будынка пад гімназію №1 прадугледжаная Інвестыцыйнай праграмай Віцебска на 2017 год, змены пра гэта былі ўнесеныя ў дакумент рашэннем гарсавета 15 лютага 2017 года. Фінансавацца працы па стварэнню перадпраектнай дакументацыі будуць з гарадскога бюджэту.

На старадаўні гмах у цэнтры Віцебска прэтэндавала некалькі арганізацый, у тым ліку — Віцебская епархія Беларускай праваслаўнай царквы.

Меткі: , , , ,

Чытайце яшчэ