Незвычайны ўрок беларускай мовы прайшоў у віцебскім тэатры “Лялька”
6 красавіка ў Беларускім тэатры “Лялька” ў рамках адукацыйнага праекту “Чытаем па-беларуску з velkom” адбылася сустрэча з вядомымі дзеячамі айчыннай культуры.
Гэта быў апошні з серыі тэматычных заняткаў, праведзеных у школах Віцебшчыны. Свае творы дэкламаваў пісьменнік Уладзімір Ліпскі, які ўжо 38 год працуе галоўным рэдактарам часопіса «Вясёлка». Варта зазначыць, што шмат якія з навучэнцаў гімназіі №1, запрошаных на мерапрыемства, «Вясёлку» чыталі.
Распавядала пра герояў новых твораў чароўная казачніца Алена Масла. Дарэчы, адна з першых прэзентацый яе кнігі «Мяне завуць Лахнэска» прайшла год таму акурат у тэатры «Лялька», прычым якраз для навучэнцаў першай гімназіі.
Ну а вядучы імпрэзы, Юры Жыгамонт, належыць да ліку нешматлікіх беларускіх медыйных асоб, чый інтэлект, непаўторны стыль, пачуццё гумару і адчуванне аўдыторыі здатныя захапіць нават тых, хто ніводнага разу не бачыў «Падарожжаў дылетанта».
На жаль, сустрэча была непрацяглай, так што часу на жывы дыялог з зацікаўленай глядзельнай залай не хапіла.
Затое гледачы атрымалі ад velkom і «Лялькі» яшчэ адзін падарунак — новы спектакль «Вясёлы Дарафей». Інтэрактыўная казка ў выкананні Марыі Кавалёвай, Вольгі Маханьковай, Вольгі Лазебнай і Аляксандра Казлова выклікала ў гасцей цэлы каскад пазітыўных эмоцый і справакавала глядзельную залу гучна і весела заспяваць па-беларуску.
Такія незвычайныя ўрокі беларускай мовы і літаратуры ўжо адбыліся ў Полацку, Наваполацку, Оршы, Паставах і Глыбокім. Агулам 25 устаноў адукацыі і 3000 школьнікаў малодшых класаў Віцебшчыны прынялі ўдзел у праекце.