У Віцебску адзначылі Дзень роднай мовы

У Віцебскай абласной бібліятэцы 21 лютага - у Міжнародны дзень роднай мовы - сабраліся гараджане, каб напісаць дыктоўку па-беларуску.

Старшыня Віцебскай абласной філіі грамадскага аб'яднання "Таварыства беларускай мовы" Марына Каліноўская павіншавала ўсіх са святам і адзначыла:

"Сёння мы сабраліся, каб напісаць дыктоўку па-беларуску. Але мы робім гэта не для таго, каб праверыць сваю пісьменнасць, а для таго, какб яшчэ раз дакрануцца да роднай мовы, адчуць, якая яна прыгожая".

Перад дыктоўкай прагучалі вершы і песні па-беларуску. Іх выканалі студэнты ВДУ і паэт Мар'ян Даргель.

Для дыктоўкі абралі тэкст паводле рамана Уладзіміра Караткевіча "Леаніды не вернуцца да Зямлі" - пра вясну ў горадзе, якая "з'явілася зусім нечакана".

Тэкст чытаў малады настаўнік беларускай мовы і літаратуры СШ №12 Віцебска Антон Арцямёнак.

"Быць настаўнікам роднай мовы - спадчынная прафесія ў сям'і Антона Генадзьевіча. Ягоны бацька - Генадзь Антонавіч Арцямёнак - дацэнт, кандыдат філалагічных навук, загадчык кафедры беларускага мовазнаўства ВДУ імя Пятра Машэрава", - патлумачыла Марына Каліноўская.

Міжнародны дзень роднай мовы — адмысловы дзень, абвешчаны на 30-й сесіі ЮНЕСКА па прапанове Бангладэш. Дзень святкавання — 21 лютага - абраны таму, што ў гэты дзень у 1952 загінулі пяць студэнтаў, якія змагаліся за наданне бенгальскай мове статусу дзяржаўнай у тагачасным Пакістане, усходняя частка якога пазней стала незалежнай дзяржавай Бангладэш. Свята адзначаецца з 2000 года.

Меткі:

Чытайце яшчэ