У зняволенні памёр выбітны мастак і стваральнік першай у Віцебску прыватнай галерэі Алесь Пушкін

Мінулай ноччу на 58-годзе жыцця памёр зняволены выбітны беларускі мастак Алесь Пушкін.
Алесь Пушкін у Віцебску, 2009 год. Фота Сержука Серабро

Пра смерць мастака паведаміла ў facebook яго жонка. Паводле яе інфармацыі Пушкін памёр у рэанімацыі пры невысветленых абставінах.

Прыехаўшы ў Віцебск пасля заканчэння Беларускага дзяржаўнага тэатральна-мастацкага інстытута ў 1990 годзе, Алесь Пушкін стаў неад’емнай часткай Віцебск. У 1993 годзе мастак адкрыў першую ў горадзе і ці не першую ў Беларусі прыватную мастацкую галерэю “У Пушкіна”.

У віцебскі перыяд Пушкін, між іншым, аформіў спектаклі, пастаўленыя ў тэатры імя Якуба Коласа: “Кароль Лір” У. Шэкспіра (рэжысёр В. Маслюк, 1994), «Фрокен Юлія» Ю. А. Стрындберга (рэжысёр А. Грышкевіч, 1997). Ужо пасьля ад’езду з горада ён рабіў сцэнаграфію яшчэ да адной пастаноўкі коласаўцаў — «Палкоўніку ніхто не піша» Г. Г. Маркеса (2001).

Таксама Алесь Пушкін распісаў фрэскамі некалькі беларускіх храмаў розных канфесій. Займаўся рэстаўрацыяй: у дзяржаўнай арганізацыі «Белрэстаўрацыя» працаваў над роспісамі Бальнай залі палацу Пуслоўскіх у Косаве, група мастакоў пад яго кіраўніцтвам аднаўляла роспісы, зробленыя ў палацы напачатку XX стагоддзя Феліксам Журкам; працаваў над узнаўленнем палаца Булгакаў у Жылічах Кіраўскага раёна.

Пушкін быў заўсёды на вастрыні не толькі мастацкага, але і грамадска-палітычнага жыцця. Ён быў адным з ініцыятараў правядзення першага з’езду беларускіх нацыяналістаў, які прайшоў у Віцебску ў 1994 годзе.

У 1999 годзе мастак быў асуджаны на 2 гады пазбаўлення волі ўмоўна за акцыю-перформанс «Падарунак прэзідэнту», якую правёў 21 ліпеня 1999 года ля прэзідэнцкай адміністрацыі ў цэнтры Мінску.

Алеся Пушкіна арыштавалі 30 сакавіка 2021 года. 30 сакавіка 2022 года суд прызнаў яго вінаватым у рэабілітацыі нацызму (артыкул 130-1 КК) і здзеку над дзяржаўнымі сімваламі (артыкул 370 КК). У выніку мастаку прысудзілі 5 гадоў пазбаўлення волі ў калоніі. У лістападзе мінулага года яго перавялі з калоніі ў турму №1 у Гродна, дзе ён знаходзіўся да смерці.

Меткі: , , ,

Чытайце яшчэ