Фэст “Бітва пад Оршай” адбудзецца ў любым выпадку
Традыцыйны фэст аўтарскай песні і паэзіі “Бітва пад Оршай” пройдзе 11 чысла на Крапівенскім полі.
У 1514 годзе 8 верасня пад Оршай на Крапівенскім полі адбылася адна з найбольш значных бітваў сярэднявечча. Трыццацітысячнае беларускае войска змагло ўшчэнт разбіць войска Масквы, якое складала 80.000 жаўнераў.
У сувязі з гэтым, штогод на месцы бою збіраецца некалькі соцен чалавек, каб адсвяткаваць знакавую дату Беларускай гісторыі.
На фэстываль можна дабрацца на аўтамабіле, або рэйсавым аўтобусам ад аршанскага аўтавакзалу (побач з чыгуначным) Орша-Дуброўна. Даязжаць варта да прыпынку Гацькаўшчына, далей рухацца ў бок вёскі і недаходзячы да самой вёскі звярнуць па дарозе ў левы бок. Ідучы па гэтай дарозе можна пабачыць крыж у гонар перамогі. Поле якое пачынаецца за крыжом і ёсць месцам правядзення мерапрыемства.
У 2007 і 2009 гадах фэст спрабавалі сарваць супрацоўнікі міліцыі не дапускаючы на поле ўдзельнікаў. Калі тое ж паўторыцца і ў гэтым годзе, то ўсё пройдзе на альтэрнатыўным месцы, якое пакуль не абвяшчаецца. Знайсці яго можна будзе, далучыўшыся да адной з групаў удзельнікаў. Большасць людзей будуць вусна папярэджаныя пра альтэрнатыўнае месца.
Фестываль пачнецца каля 18-00 і працягнецца ўсю ноч.