Віцебшчына атрымала новага біскупа
29 лістапада ў катэдральным касцёле Езуса Міласэрнага ў Віцебску было абвешчана, што Папа Францішак прызначыў біскупам Віцебскай дыяцэзіі Рыма-Каталіцкага Касцёла 41-гадовага ўраджэнца Браслава Алега Буткевіча.
Алег Буткевіч, які да гэтага выконваў абавязкі пробашча парафіі Св. Антонія Падуанскага ў Віцебску і дэкана дэканату Віцебск-паўночны, нарадзіўся 18 сакавіка 1972 года ў Браславе. Перад паступленнем у Вышэйшую духоўную семінарыю ў Гродне ў 1994 годзе скончыў Беларускі дзяржаўны аграрны тэхнічны ўніверсітэт. Святарскае пасвячэнне прыняў 13 мая 2000 года.
Атрымаўшы ў 41 год прызначэнне на пасаду біскупа, Алег Буткевіч стаў адным з самых маладых каталіцкіх біскупаў у свеце. Маладзей за яго толькі пяць чалавек. Чатыры нарадзіліся 1972 годзе, прычым трое з іх таксама з Усходняй Еўропы — Літвы, Славакіі і Украіны, а яшчэ адзін — з Лівану, таксама ў Румыніі ёсць біскуп нарадзіўшыся ў 1973 годзе на некалькі месяцаў пазней нашага.
Вестку пра прызначэнне новага біскупа ў Віцебск прывёз апостальскі нунцый у Беларусі арцыбіскуп Клаўдыё Гуджэроцці. У касцёле прысутнічалі шэраг ксяндзоў з розных парафій Віцебшчыны, а таксама прадстаўнікі прэсы. Пасля супольнай малітвы ў адзін з момантаў нунцый апрануў на маладога біскупа сваю піуску — біскупскую шапачку — і крыж, даўшы журналістам магчымасць зняць маладога іерарха з адпаведнымі атрыбутамі.
Урачыстая кансэкрацыя біскупа намінанта Алега Буткевіча адбудзецца 18 студзеня 2014 года ў катэдральным касцёле Езуса Міласэрнага ў Віцебску ў 12:00.
Нагадаем, што 25 лютага Папа Бенедыкт XVI задаволіў просьбу папярэдняга біскупа Віцебскай дыяцэзіі Уладзіслава Бліна, які быў прызначаны біскупам 13 кастрычніка 1999 года дэкрэтам Папы Яна Паўла ІІ, аб адстаўцы па стане здароўя. Пры гэтым ксёндз прэлат Францішак Кісель, які да гэтага быў генеральным вікарыем Віцебскай дыяцэзіі, прызначаны яе апостальскім адміністратарам.