У Віцебску ўрачыста адкрылі помнік князю Альгерду. Фотарэпартаж
27 чэрвеня пад час святкавання 1040-годдзя Віцебска быў урачыста адкрыты помнік вялікаму князю літоўскаму, князю віцебскаму і крэўскаму Альгерду.
На адкрыццё помніка прыехаў яго аўтар — мінскі скульптар Сяргей Бандарэнка. Таксама прысутнічалі дырэктар ААТ “Тэхналіт-Полацк” Леанід Пятроў, старшыня гарвыканкама Віктар Нікалайкін і, напэўна, у першыню на святкаванне Дня горада прыйшоў губернатар Аляксандр Косінец.
У размове з журналістамі скульптар сказаў, што ён і яго кансультанты ўпэўненыя ў даставернасці і адпаведнасці эпосе дасьпехаў князя. Адносна ж яго выгляду, то сучаснай Альгерду іканаграфіі не захавалася, а аўтары пазнейшых гравюр, як і скульптар, кіраваліся сваёй фантазіяй. Што тычыцца сокала на руцэ, то, на думку спадара Бандарэнкі, гэта “пасыл” з мінулага ў сённяшняе.
Урачыстасць пачалася з харэаграфічнай мініяцюры, следам за якой прайшло тэатралізаванае шэсце з коннымі князем і княгіняй ў суправаджэнні невялікага атрада пешых воінаў.
Спыніўшыся паміж Уваскрасенскай царквой і помнікам князь пад фанаграму сказаў прамову на стылізаванай пад стараславянскую мове. Сутнасць прамовы зводзілася да заснавання на Дзвіне замкаў з каменнымі вежамі.
Пасьля гэтага белае пакрывала са скульптуры знялі яе аўтар Сяргей Бандарэнка, разам з Віктарам Нікалайкіным і Аляксандрам Косінцам.
З’яўленне ў Віцебску помніка князю Альгерду і ўвогуле першай коннай скульптуры гараджанамі ўспрынята з энтузіязмам. На цэрымонію адкрыцця сабралося шмат народ, многія з прыйшоўшых ў свой час падпісвалі петыцыю з падтрымкай усталявання гэтага помніка ў абласным цэнтры.
Помнік князю Альгерду ў Віцебску, які быў усталяваны 24 чэрвеня, з’яўляецца чацьвёртай коннай скульптурай і першым помнікам кіраўніку Вялікага Княства Літоўскага на тэрыторыі Беларусі.