Навапалачанін галадае ў знак салідарнасці з Казуліным
У Наваполацку з 4 кастрычніка галадае сябра Кансерватыўна-хрысціянскай партыі БНФ Анатоль Кулік. Робіць ён гэта на знак салідарнасці з палітзняволеным Аляксандрам Казуліным.
У інтэрв’ю “Радыё Свабода” ён патлумачыў свой учынак так: “Аляксандар Казулін павінен адчуваць і ведаць, што падтрымка ў яго ёсць і будзе. Асабліва паводле ягоных учынкаў і дзейнасці. Гэтыя пастарункі ды краты не зломяць мужных людзей. Я ад 1989 году ў БНФ, быў старшынём Полацкай рады. Людзі вераць мне. І я павінен быць наперадзе, уздымаць гэты сцяг, каб іншыя адчувалі, што рух ня згінуў і барацьба яшчэ не скончылася”.Адзначым таксама, што ў Бабруйску, дзе сёння праходзяць “Дажынкі”, пятыя суткі трымае галадоўку пратэсту актывістка Беларускага незалежнага прафсаюзу Алена Захожая. Яна патрабуе спыніць дыскрымінацыю сябраў незалежнага прафсаюзу на “Белшыне”, дзе сама працуе ўжо 30 гадоў.