Міліцыянты паказалі пэтэвэшнікам кайданкі, газавыя балончыкі, “Калашнік” і гумавы “дубец”
Для навучэнцаў ПТВ-166, што ў пасёлку Высокае Аршанскага раёна, арганізавалі досыць незвычайную сустрэчу. Супрацоўнікі роты палка патрульна-паставой службы МУС на гэты раз не чыталі мальцам нудных натацый пра тое, з якога ўзросту наступае поўная крымінальная адказнасць, а прадэманстравалі ім прыёмы рукапашнага бою, сваю табельную зброю – аўтамат Калашнікава і пісталет ПМ, а таксама спецсродкі...
Хлопцы пабачылі газавы балончык, кайданкі, а яшчэ поўную экіпіроўку АМАПаўцаў – гумавую палку, шлем з празрыстым забралам, шчыт, накаленнікі. Напэўна, апошнія прылады не падаліся пэтэвэшнікам чымсьці новым: яны маглі іх бачыць па тэлебачанні, у кадрах, дзе АМАП разганяў мінулай вясной вулічныя акцыі.
Міліцыянты невыпадкова наведалі ПТВ-166, якое, дарэчы, рыхтуе будучых работнікаў сельскагаспадарчай галіны. На жаль, ягоныя навучэнцы ўчынялі бойкі, крадзяжы, грабяжы і нават больш сур’ёзныя злачынствы. Намеснік камандзіра патрульнай роты палка па выхаваўчай працы Віталь Грыгаровіч патлумачыў усім прысутным у актавай залі, якія патрабаванні пра’яўляюцца да тых, хто жадае служыць у палку ППС – фізічная падрыхтоўка, маральная ўстойлівасць і правільная грамадзянская пазіцыя. Сярод іншага, навучэнцаў зацікавіла: якія нормы грашовага і рэчавага забеспячэння ў служачых унутраных войскаў? Паводле газеты “Віцебскі кур’ер”.