Памёр Фёдар Шмакаў, старэйшы актор тэатра імя Якуба Коласа
2 траўня, пасля хваробы, ў адной з віцебскіх бальніц на 93-м годзе жыцця памёр Фёдар Шмакаў, старэйшы актор Нацыянальнага акадэмічнага драматычнага тэатра імя Якуба Коласа, Народны артыст СССР, лаурэат Дзяржаўнай прэміі БССР, Лаўрэат прэміі «За духоўнае адраджэнне», уладальнік прыза Беларускага саюза тэатральных дзеячаў «Крышталёвая Паўлінка», ганаровы грамадзянін Віцебска. Узнагароджаны шматлiкiмi ордэнамi: «Знак Пашаны», Працоўнага Чырвонага Сцяга, Дружбы народаў, медалём Францыска Скарыны.
Фёдар Іванавіч Шмакаў нарадзіўся 1 сакавіка 1917 года ў Петраградзе. У 1939 годзе ён скончыў Ленінградскі тэатральны інстытут і быў прыняты ў трупу Рускага тэатра БССР, а ў 1941 годзе перайшоў у БДТ-2 (цяпер Нацыянальны акадэмічны драматычны тэатр імя Якуба Коласа).
У тэатры Фёдар Іванавіч выканаў каля 200 роляў, асноўныя з іх Овад («Овад» Войніч), Ульянаў («Сям’я» І.Папова), Ленін («Вечная крыніца» Л.Зорына, «Святло з Усходу» П.Глебкі, «Шостае ліпеня» М.Шатрова), Васкоў («А досвіткі тут ціхія» Б.Васільева), Прысыпкін («Клоп» У.Маякоўскага), Акім («Улада цемры» Л.Талстога), Каравай («Таблетку пад язык» А.Макаёнка), Бяссеменаў («Мяшчане» М.Горкага), Гараднічы («Рэвізор» М.Гогаля), Бальбоа («І паміраючы дрэвы стаяць» А.Касоны), Светлавідаў («Лебядзіная песня» А.Чэхава), Гразноў («Праўда — добра, а шчасце лепш» А.Астроўскага), Пэн («Ружа ў чыстым полі» У.Драздова) і, вядома ж, Несцерка.
Таксама Фёдар Шмакаў каля 30 разоў здымаўся ў кіно. Самая вядомая яго роля — Андрэй Размётнаў у фільме «Паднятая цаліна» (1959 г.). Апошні раз ён зняўся ў 2008 годзе ў фільме «Яблык Месяца» Аляксея Туровіча, праўда роля была ўжо без слоў…
Пахаванне адбудзецца ў панядзелак, 4 траўня. Развітацца з любімым акторам можна будзе ў тэатры імя Якуба Коласа ў 12 гадзін.
Рэдакцыя «Народных навінаў Віцебска» выказвае свае спачуванні родным і блізкім, а таксама калегам Фёдара Іванавіча Шмакава.