Памёр віцебскі журналіст Юрась Сцяпанаў
Не стала віцебскага журналіста, супрацоўніка Польскага радыё для замежжа Юрася Сцяпанава. Яму было ўсяго сорак пяць…
Юрась хварэў на гіпертанію. Чарговы прыступ забраў у бацькоў – сына, у жонкі – мужа, у двух маленькіх дзетак – бацьку, у журналістыкі – прафесіянала.
Самае страшнае для журналіста – гэта пісаць некралогі. Не стае ніякіх слоў і думак, замест іх толькі боль і сум.
Боль, што ты больш не сустрэнеш на вуліцы Юрася. Не абмяняешся па-каляжанску навінамі. Не пасмяешся з ягоных жартаў – Юрась рассмяшыў бы нават царэўну-несмяяну. Не пачуеш ягоных кампліментаў – ён умеў рабіць іх так выкшталцона і тонка, прама як нейкі кніжны рыцар.
Сум і вялікае непаразуменне: чаму сыходзяць такія маладыя, здольныя, жыццярадасныя?!
Асабіста для мяне Юрась быў прыкладам вялікага цярпення да чалавечых недахопаў. Ён умеў на дзіва спакойна і роўна ставіцца да ўсіх. А яшчэ ў яго было надзвычай цудоўнае пачуццё слова, ён ведаў некалькі моваў. Не кожны журналіст можа гэтым пахваліцца.
Вечная памяць табе, Юрась. І даруй, калі што не так…