Памёр вядомы віцебскі журналіст Уладзімір Жыгулоў
У ноч з 19 на 20 снежня на 79-м годзе жыцця памёр вядомы віцебскі журналіст Уладзімір Жыгулоў.
Спадар Жыгулоў супрацоўнічаў з вялікім шэрагам беларускіх выданняў, у тым ліку пісаў для такіх знакавых для Віцебска газет, як “Выбар”, “Віцебскі кур’ер” і “Народнае слова”. Публікаваў ён свае заўсёды вострыя артыкулы і ў “Народных навінах Віцебска”.
Нягледзячы на сталы ўзрост і праблемы са здароўем — ён перажыў некалькі інсультаў — Уладзімір Жыгулоў не кідаў пяра да апошніх дзён, часам ён рабіў свае матэрыялы проста на бальнічнай койцы.
Гэтай восенню спадара Жыгулова напаткаў моцны ўдар: пасьля амаль 20 гадоў пошукаў сына, зніклага без вестак у 1998 годзе, высветлілася, што малады чалавек быў застрэлены. Яго цела знайшлі яшчэ ў 2000 годзе ў возеры Сосна ля вёскі Доўжа Віцебскага раёну, але асобу устанавіць удалося толькі нядаўна дзякуючы экспертызе ДНК.
Развітацца з Уладзімірам Жыгуловым можна 22 снежня з 12:00 да 13: 00 ў рытуальнай зале бальніцы хуткай медычнай дапамогі.