Груша цвіла апошні год. In Memoriam Віктара Дашкевіча
31 сакавіка, у апошні дзень першага месяца вясны, не стала на гэтым свеце акцёра коласаўскага тэатра, заслужанага артыста Беларусі Віктара Дашкевіча.
Месцічы Віцебска страцілі любімага акцёра, сям’я — ўважлівага і пяшчотнага мужа, тату і дзядулю. Тэатральныя падмосткі і ўсё беларускае мастацтва панесла непапраўную страту. Свет стаў бяднейшы.
Віктар Мікалаевіч нарадзіўся 3 студзеня 1945 года ў вёсцы Вяціцераўка Чашніцкага раёна Віцебскай вобласці. Навучаўся ў Беларускім дзяржаўным тэатральна-мастацкім інстытуце.
З 1973 года служыў у Нацыянальным акадэмічным драматычным тэатры імя Якуба Коласа, дзе стварыў не адзін дзясятак запамінальных вобразаў, якія палюбіліся гледачам. Віцябляне старэйшага пакалення прыгадваюць яго ў ролях Мнішка («Чорная нявеста» Алеся Дударава), мітрапаліта Балвановіча («Хрыстос прызямліўся ў Гародні» паводле аднайменнага рамана Уладзіміра Караткевіча), Добчынскага («Рэвізор» Мікалая Гогаля) і шмат у якіх яшчэ. У дзень свайго 70-годдзя Віктар Мікалаевіч бліскуча іграў шляхціца Грынь-Дубатоўка («Дзікае паляванне караля Стаха» паводле аднайменнай аповесці Уладзіміра Караткевіча).
У апошнія гады артыст быў шчыльна заняты ў рэпертуары, штораз здзіўляючы гледачоў і калег творчымі знаходкамі і філіграннасцю выканання. Яго талент аздобіў такія выдатныя спектаклі, як «Смешныя людзі» па аднаактовых п’есах Антона Чэхава, «Яшчэ раз пра каханне» паводле апавяданняў Васіля Шукшына ды і іншыя пастаноўкі коласаўцаў для дарослых і для дзяцей. Апошняй прэм’ерай Віктара Дашкевіча напрыканцы 2019 года стала казка «Кот у ботах» Алеся Замкоўскага.
47 гадоў з 75-ці адпушчаных Богам Віктар Мікалаевіч ахвяраваў тэатру імя Якуба Коласа. Пры гэтым амаль 30 гадоў ён сумяшчаў акцёрскую працу з абавязкамі загадчыка трупы.
У 1990 годзе Віктар Дашкевіч стаў дырэктарам створанага з лялечнай трупы коласаўцаў Беларускага тэатра “Лялька” і займаў гэтую пасаду да 1991 года.
Развітання з акцёрам, ці не ўпершыню за ўсю гісторыю тэатра імя Якуба Коласа, не адбудзецца. На пахаванні, якое пройдзе ў закрытым фармаце, будуць прысутнічаць толькі жонка і дачка. Апошні прытулак Віктар Дашкевіч знойдзе на праваслаўных Георгіеўскіх могілках непадалёку ад Койтава. Свае апошнія словы для любімага артыста вы можаце пакідаць тут.
Рэдакцыя “Народных навінаў Віцебска” прыносіць свае спачуванні сям’і Віктара Мікалаевіча, родным і блізкім.